Education Project "Human rights – your rights"
Fact: Attorney’s fee is expensive. But there are cases when you can get free legal assistance. Details in our new video.
Please watch our film 10: How to get free legal aid
Вы лічыце сваё звальненне незаконным, і знаёмыя рэкамендуюць ісці ў суд. Ваша сяброўка сутыкнулася з сітуацыяй хатняга гвалту, і вы настойваеце на звароце ў міліцыю. Былы муж не плаціць аліменты - зноў рэкамендуюць звяртацца ў суд.
Суд, міліцыя, органы апекі - шмат страхаў, няўпэўненасці. Як туды звяртацца? Якія дакументы патрэбныя? Колькі трэба заплаціць за іскавую заяву? А ці трэба за яе плаціць? А можа і не варта нікуды хадзіць, каб не ўзнікла дадатковых праблем? Здавалася б, рашэнне ёсць, а вось пытанняў стала больш.
Часта бывае складана разабрацца ў прававых тэрмінах, кампетэнцыях дзяржаўных органаў, парадку звароту да іх. З гэтай мэтай мы ідзем па дапамогу да тых, у каго быў падобны досвед, шукаем падказкі ў інтэрнэце, але ў самых рэдкіх выпадках мы звяртаемся да адваката ці юрыста. Чаму? Бо дорага. Спачатку трэба заплаціць за кансультацыю, потым аплаціць кожны крок: складанне дакументаў, наведванне судовага паседжання, і яшчэ не факт, што справу вы выйграеце. Адвакаты часта кажуць кліентам, што суд можа абавязаць бок, які прайграў, пакрыць панесеныя кліентам выдаткі. Гэта праўда. Але праблема ў тым, што кампенсаванне выдаткаў рэдка адбываецца дзень у дзень, а часам і ў кліента бывае недастаткова сродкаў, каб першапачаткова аплаціць усе выдаткі. Што таксама праўда.
Усе гэтыя пытанні, а таксама фінансавая нагрузка могуць паслужыць падставай для адмовы да звароту ў суд. На выхадзе сітуацыя не вырашаецца. Чалавек працягвае пакутаваць з аднаго боку ад таго, што сутыкнуўся з парушэннем сваіх правоў, а з другога - што не змог сябе абараніць.
У цывілізаваных краінах права на справядлівае правасуддзе часта ідзе ў нагу з доступам да бясплатнай юрыдычнай дапамогі, як папярэдняй умове ажыццяўлення шэрагу іншых правоў чалавека і эфектыўнаму сродку прававой абароны. Бясплатная юрыдычная дапамога - гэта тая дапамога, якую аказваюць кваліфікаваныя юрысты, адвакаты і інш. бясплатна для кліента. Але ў той жа час праца спецыялістаў аплочваецца дзяржавай.
Міжнароднай супольнасцю прызнана неабходнасць наяўнасці ў кожнай краіне менавіта бясплатнай юрыдычнай дапамогі, як асобнага права чалавека. Людзі, якія не могуць сабе дазволіць юрыдычнае суправаджэнне або кансультацыі, часта не могуць рэалізаваць сваё права на доступ да правасуддзя, г.зн. быць пачутымі. Яны застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі і клопатамі, і сітуацыя можа толькі пагоршыцца. Мэта бясплатнай юрыдычнай дапамогі заключаецца ў тым, каб садзейнічаць устараненню перашкод і бар'ераў, якія перашкаджаюць або абмяжоўваюць доступ да правасуддзя, шляхам аказання дапамогі такім людзям.
У Беларусі толькі часткова рэалізаваная канцэпцыя бясплатнай юрыдычнай дапамогі, якая патрабуе дэталёвай дапрацоўкі. Шмат у чым яна не адпавядае прынцыпам эфектыўнасці і своечасовасці, а часам і супярэчыць самому паняццю «бязвыплатнасць». Нягледзячы на гэта, нам бы хацелася падзяліцца з вамі інфармацыяй аб тым, дзе ўсё ж такі можна атрымаць юрыдычную дапамогу, у якім аб'ёме яна можа быць прадастаўлена, і ў які момант яна становіцца платнай.
Дапамога адвакатаў
Закон "аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" вызначае катэгорыі грамадзян, а таксама спраў, у якіх можа прадастаўляцца юрыдычная дапамога на бязвыплатнай аснове для кліента (арт. 28):
- калі вы з'яўляецеся істцом у працоўнай спрэчцы, у справах аб спагнанні аліментаў або пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У гэтым выпадку вам можа быць аказаная дапамога ў складанні заяў і вядзенні гэтых катэгорый спраў у судах першай інстанцыі;
- калі вы з'яўляецеся ўдзельнікам ці інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. У гэтым выпадку вам можа быць прадстаўлена толькі вусная кансультацыя па любых пытаннях, за выключэннем пытанняў, звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю.
- незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай катэгорыі грамадзян у сітуацыях, калі вам патрабуецца дапамога ў складанні заяў аб устанаўленні факта атрымання зарплаты за канкрэтны перыяд у пэўным памеры для назначэння пенсій або аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным.
- калі ў вас ёсць інваліднасць І і ІІ групы, то вам можа быць прадстаўлена вусная кансультацыя, якая не патрабуе азнаямлення з дакументамі.
- калі вы пенсіянер або ў вас ёсць інваліднасць, і вы знаходзіцеся (пражываеце) ва ўстановах, якія ажыццяўляюць стацыянарнае сацабслугоўванне, прадастаўляецца бясплатная юрыдычная дапамога толькі па пытаннях, звязаных з забеспячэннем і абаронай вашых правоў і законных інтарэсаў. Аналагічную кансультацыю могуць атрымаць законныя прадстаўнікі грамадзян, прызнаных судом недзеяздольнымі.
- цяжарныя жанчыны могуць атрымаць вусныя кансультацыі па пытаннях, звязаных з нараджэннем дзіцяці, а ахвяры гандлю людзьмі па пытаннях сацыяльнай абароны і рэабілітацыі.
Бясплатная юрыдычная дапамога можа быць аказана таксама асобам, якія пацярпелі ў выніку акта тэрарызму; падазраванаму або падвіноўнаму (дапамога адваката, прызначанага па патрабаванні органа, які вядзе крымінальны працэс) і непаўналетнім.
Мы бачым, што дапамога аказваецца разнастайнай катэгорыі грамадзян, аднак яна ўсё ж не адпавядае бягучым патрэбам беларускага грамадства. Часта вуснай кансультацыі для вырашэння сітуацыі бывае недастаткова, а аплата прадстаўніцтва адваката ў судзе можа раўняцца зарплаце патэнцыйнага кліента. І мы ўсё роўна вяртаемся да таго, што ёсць значная частка грамадзян, якая застаецца за рысай аказання бясплатнай дапамогі.
У такіх сітуацыях, мы рэкамендуем выкарыстоўваць усе магчымыя рэсурсы заканадаўства і звярнуць увагу на палажэнне Закона аб адвакатуры, дзе ўказваецца, што дапамога можа быць прадастаўлена і іншым грамадзянам па рашэнню калегіі адвакатаў.
Як атрымаць юрыдычную дапамогу адваката?
Калі вы падпадаеце пад тую катэгорыю грамадзян, якім бясплатна аказваецца толькі вусная кансультацыя, вы можаце звярнуцца ў любую тэрытарыяльную калегію адвакатаў.
У тым выпадку, калі ваш статус дазваляе вам атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу ў выглядзе складанні заяў і іншых дакументаў прававога характару, неабходна звяртацца ў тэрытарыяльную калегію адвакатаў па месцы знаходжання суда (ці дзярж. органа), у якім вы плануеце абараніць сваё парушанае права. І адразу пра суд, пра тое, як абраць яго. Агульнае правіла падсуднасці: неабходна звяртацца ў суд па месцы жыхарства, знаходжання, рэгістрацыі (калі мае месца юрыдычная асоба) адказчыка. Напрыклад, адказчык пражывае ў Цэнтральным раёне г. Мінска. Такім чынам, суд будзе Цэнтральнага раёна г. Мінска, а адвакат у Юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна.
Калі вы сумняваецеся, ці правільна вы вызначылі тэрытарыяльную калегію, вы можаце непасрэдна гэта ўдакладніць у самой калегіі, у якую планавалі звярнуцца.
Калі вы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі неабходны вам суд знаходзіцца ў іншым населеным пункце, то вы можаце выбраць тэрытарыяльную калегію, якая знаходзіцца як у вашым населеным пункце, так і ў тым, дзе знаходзіцца суд.
Калі калегія вызначана, не забудзьцеся падрыхтаваць дакументы, якія пацвярджаюць вашае права на атрыманне бясплатнай юрыдычнай дапамогі. Дакументы залежаць ад вашага статуса. Гэта можа быць пасведчанне асобы з інваліднасцю, даведка аб складзе сям'і і інш.
Калі падстава пацвярджаецца, дзяжурны адвакат акажа вам дапамогу ў дзень вашага звароту.
Раней згадвалася такая падстава для атрымання дапамогі, як іншыя грамадзяне па рашэнні калегіі адвакатаў. У гэтым выпадку, парадак крыху іншы. Вам неабходна падаць заяву аб аказанні такой дапамогі ў тэрытарыяльную калегію адвакатаў. Заява павінна змяшчаць:
1. прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое маецца), адрас месца жыхарства і нумар тэлефона грамадзяніна,
2. від неабходнай юрыдычнай дапамогі,
3. абгрунтаванне патрэбнасці ў атрыманні юрыдычнай дапамогі за кошт сродкаў тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.
Да заявы прыкладаюцца дакументы (іх завераныя копіі), якія пацвярджаюць абгрунтаванне патрэбнасці грамадзяніна ў атрыманні юрыдычнай дапамогі за кошт сродкаў тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў. Гэта могуць быць дакументы, якія апісваюць вашае цяжкае матэрыяльнае становішча (даведка аб даходах), наяўнасць дзяцей і іншых асоб на ўтрыманні і інш.
Рашэнне па вашай заяве прымаецца на працягу 15 дзён з моманту яго атрымання.
Пералік юрыдычных кансультацый, а таксама адвакатаў можна знайсці на сайце рэспубліканскай калегіі адвакатаў (www.rka.by).
Аказанне бясплатнай інфармацыйна-прававой падтрымкі даўно стала адной з задач праваабарончых арганізацый і шэрагу беларускіх няўрадавых арганізацый. Юрыдычная, а ў большасці выпадкаў прымусовая ліквідацыя з боку рэжыму беларускіх грамадскіх арганізацый не прыпыніла іх працу. Цяпер можна сустрэць шмат арганізацый, якія аказваюць прававую падтрымку беларусам на бязвыплатнай аснове. Спяшаемся нагадаць, што Беларускі Жаночы Фонд таксама аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу. Ананімнасць, канфідэнцыяльнасць вашага звароту і атрыманні кансультацыі забяспечвае legalhub.
У выпадку парушэння правоў чалавека, у прыватнасці, калі вы сутыкнуліся з катаваннямі, вы можаце звярнуцца ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Бясплатная юрыдычная дапамога для беларусак можа быць аказаная ініцыятывай «Даведка».
1 Няпоўнай лічыцца сям'я, у якой дзеці знаходзяцца на ўтрыманні і выхаванні аднаго з бацькоў.
Да няпоўных адносяцца сем'і:
• жанчын, якія нарадзілі дзяцей па-за шлюбам і якія не знаходзяцца ў шлюбе;
• удоў (удаўцоў), якія не ўзялі новы шлюб, на выхаванні якіх знаходзяцца непаўналетнія дзеці;
• аднаго з бацькоў, які скасаваў шлюб і выхоўвае непаўналетніх дзяцей;
• аднаго з бацькоў, якія не заключылі новы шлюб, калі другі з іх прызнаны без вестак адсутным;
• адзінокіх грамадзян, якія ўсынавілі дзяцей.
2 Калі вынесены абвінаваўчы прыгавор, то з асуджанага (яго законнага прадстаўніка) могуць быць спагнаныя выдаткі, затрачаныя дзяржавай на аказанне яму юрыдычнай дапамогі. Аднак сродкі, затрачаныя дзяржавай на юрыдычную дапамогу падазронаму (падвіноўнаму) у выглядзе кансультацыі адваката да першага допыту ў выпадку затрымання або ўзяцця пад варту (п. 5 ч. 2 арт. 41 КПК), не могуць быць спагнаныя ні пры якіх умовах (ч. 9 арт.46 КПК)
#AttorneysFee #Free #FreeLegalAssistance #FreeLegalAid #FreeLegalAdvice
#паслугіадваката #юрыдычнаядапамога #бясплатна
#humanrights #yourrights #правычалавека #тваеправы
#правачеловека #твоиправа
abt. project: Education Project "Human rights – your rights" (belaruswomen.org)
You can obtain legal advice by writing to us at e-mail: legal@belaruswomen.org
Free legal assistance: Project Femida (belaruswomen.org)
You can obtain legal advice by writing to us at e-mail: legal@belaruswomen.org
Psychological assistance: Psychological Helpline (belaruswomen.org)